КАРЭ́ЛІЦКІ ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫ ПАКА́З 1912,

літаратурна-музычны і сцэнаграфічны спектакль-кампазіцыя ў «жывых карцінах» («абразах») на тэму пораў года ў прац. жыцці і ўяўленнях селяніна. Адбыўся ў пач. 1912 у адным з сялянскіх двароў каля г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.

Прадстаўленне складалася з уступу, 4 частак (4 пораў года) і заключэння. Развівалася чаргаваннем сцэн. карцін, сэнс якіх удакладняўся дэкламацыяй вершаў Я.Купалы, Я.Коласа і інш., нар. песнямі. Адбывалася ў муз. суправаджэнні. У афармленні выкарыстаны элементы нескладанай бутафорыі, натуральныя рэчы (рэквізіт), шумавыя прыёмы (вецер, гром), светлавыя эфекты ўсіх колераў чырвоны — колер агню, блакітны — месяца, жоўты — сонца і інш. Усе кампаненты («карціны», кампазіцыйныя пераходы, вобразы-алегорыі, тэксты, спевы, дэкламацыі) былі аб’яднаны ў вобразным адзінстве фалькл. сцэн. відовішча.

т. 8, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)